7 пасланняў Маці Божай Фацімскай, якіх свет патрабуе менавіта цяпер
13 мая — цудоўны ўспамін Маці Божай Фацімскай. Яна — наша магутная заступніца і ўзор дасканаласці, асабліва ў часы, калі ў культуры дамінуюць цялесныя грахі і грахі супраць чалавечнасці.
Маці Божая аб’яўлялася ў Фаціме шэсць разоў тром дзецям-пастушкам з 13 мая 1917 года па 13 кастрычніка 1917 года. Падчас сваіх аб’яўленняў Яна нагадвала пра малітву, пост і ахвяру дзеля ўстанаўлення міру ў свеце і навяртання грэшнікаў. Яна асабліва заахвочвала штодня маліцца на ружанцы.

Вось сем моцных пасланняў з аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме:

1.Маці Божая: «Ці хочаце вы ахвяраваць сябе Богу, каб зносіць усе пакуты, якія Яму будзе ўгодна паслаць вам, як акт адплаты за грахі, якімі Яго абражаюць, і як акт малітвы аб навяртанні грэшнікаў?»

Люцыя: «Так, хочам».

Маці Божая: «Што ж, тады вам давядзецца шмат пакутаваць. Але ласка Божая будзе вашай суцяшальніцай».
(Першае аб’яўленне — 13 мая 1917 г.)

2.«Маліцеся Ружанцам штодня, каб выпрасіць супакой для свету і пакласці канец вайне».
(Першае аб’яўленне — 13 мая 1917 г.)

3.«[Езус] жадае ўстанавіць у свеце ўшанаванне Майго Беззаганнага Сэрца. Я абяцаю збаўленне тым, хто прыме яго; і гэтыя душы будуць улюбёныя Богам, як кветкі, пастаўленыя Мною для ўпрыгожвання Ягонага трона».
(Другое аб’яўленне — 13 чэрвеня 1917 г.)

4.«…Маліцеся Ружанцам штодня ў гонар Маці Божай Ружанцовай, каб здабыць мір для свету і пакласці канец вайне, бо толькі Яна можа дапамагчы».
(Трэцяе аб’яўленне — 13 ліпеня 1917 г.)

5.«Ахвяруйце сябе за грэшнікаў і часта прамаўляйце, асабліва калі складаеце якую-небудзь ахвяру: “О Езус, гэта з любові да Цябе, за навяртанне грэшнікаў і як адплату за грахі, учыненыя супраць Беззаганнага Сэрца Марыі”».
(Трэцяе аб’яўленне — 13 ліпеня 1917 г.)

6.«Маліцеся, шмат маліцеся і ахвяруйце за грэшнікаў, бо шмат душ ідзе ў пекла, таму што няма нікога, хто б прыносіў ахвяры і маліўся за іх».
(Чацвёртае аб’яўленне — 19 жніўня 1917 г.)

7.Маці Божая: «Я хачу сказаць табе, што жадаю, каб тут была пабудавана капліца ў Мой гонар. Я — Пані Ружанцовая. Працягвайце штодня маліцца на Ружанцы. Вайна скончыцца, і салдаты хутка вернуцца ў свае дамы».

Люцыя: «Я маю шмат пра што Вас папрасіць: ці не маглі б Вы вылячыць некаторых хворых і навярнуць некаторых грэшнікаў…»

Маці Божая: «Некаторых — так, іншых — не. Яны павінны выправіць сваё жыццё і прасіць прабачэння за свае грахі». Сказаўшы гэта з яшчэ большым сумам, Яна дадала: «Няхай яны больш не абражаюць Госпада нашага, бо Ён і так ужо вельмі абражаны».
(Шостае і апошняе аб’яўленне — 13 кастрычніка 1917 г.)

Catholicnews.by

13.05.2026
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by