Важным фактам у гісторыі сённяшняга свята з’яўляецца сведчанне манашкі Эгерыі, якая ў лісце «Itinerarium Egeriae» паведамляе пра святкаванне Узвышэння святога Крыжа, звязанае са святам благаслаўлення касцёла Мучанікаў (Martyrium) на Галгоце:
«Днямі благаслаўлення завуцца тыя дні, у якія святы касцёл, што стаіць на Галгоце і называецца Martyrium, быў прысвечаны Богу. І святы касцёл, які знаходзіцца ў Anastasis, гэта значыць, у месцы, дзе Пан пасля мукі ўваскрос, у той самы дзень быў прысвечаны Богу. Гадавіна благаслаўлення гэтых касцёлаў святкуецца ў вялікаю пашанаю, бо і Крыж знайшлі ў той самы дзень <...>».
У 614 г. на Святую Зямлю напалі персы на чале з палкаводцам Хазроем. Яны разбурылі ўсе касцёлы, у тым ліку і касцёл Гробу Пана. Ведаючы, як моцна ўшаноўваецца Крыж Пана Езуса, персы забралі яго з сабою. Увесь свет маліўся аб тым, каб святы Крыж быў знойдзены. Пасля перамогі, якую імператар Іраклій атрымаў над Хазроем, паводле мірнай дамовы персы вымушаныя былі вярнуць святую рэліквію (628 г.). Згодна з легендаю, сам імператар хацеў на сваіх плячах занесці Крыж Хрыста на Кальварыю, аднак змог гэта зрабіць толькі тады, калі зняў сваё імператарскае ўбранне. Гэта толькі легенда, бо са сведчання св. Кірыла Ерузалемскага (+ 387 г.) вядома, што ўжо ў яго часы шаноўная рэліквія была падзеленая на дробныя часткі і разасланая амаль ва ўсе найбліжэйшыя касцёлы.
Крыжовая смерць
У Крыжы Езуса Касцёл заўсёды бачыў алтар, на якім Божы Сын збавіў свет. Таму кожная частка гэтай рэліквіі, так густа акропленая Яго Найсвяцейшаю Крывёю, заўсёды карысталася асабліваю пашанаю. І справа не ў аўтэнтычнасці паасобных рэліквій, а ў тым, што яны нагадваюць пра Крыж Хрыста і вялікую справу, якая здзейснілася на ім дзеля дабра чалавецтва.
Пра ўкрыжаванне Пана Езуса пішуць усе Евангелісты. Больш за тое, яны вельмі падрабязна паведамляюць пра абставіны, у якіх гэта адбылося. Паводле сведчання Евангелістаў, Пан Езус быў укрыжаваны каля гадзіны 12-й, а памёр а 15-й. Яго пахаванне адбылося каля гадзіны 17-й. Пакаранне на крыжы было вядомае сярод габрэяў, хоць у законе Майсея не прадугледжвалася. Юдэйскі цар Аляксандр Янай (103–76 гг. да Н.Х.) выкарыстаў яе для пакарання фарысеяў, што ўзбунтаваліся супраць яго. Такое пакаранне шырока выкарыстоўвалі фінікійцы, карфагенцы, персы і рымляне. Аднак апошнія не прымянялі яго ў дачыненні да рымскіх грамадзянаў, бо гэтае пакаранне лічылася ганебным і вельмі жорсткім. З асуджанага здзіралі адзенне, кідалі яго на зямлю, расцягвалі яму рукі і ногі, прыбіваючы іх да крыжа. Асуджаны паміраў ад страты прытомнасці і ліхаманкі, задыхаўся. У дадатак да ўсяго пакаранаму не давалі спакою мноства камароў, а бывала, што паміраючага разрывалі сіпы. Крыж звычайна меў форму літары Т (таў). Паколькі смерць на крыжы была вельмі ганебнаю, імператар Канстанцін Вялікі адмяніў смяротнае пакаранне праз укрыжаванне (316 г.).
Ушанаванне Крыжа
Найбольшая частка святога Крыжа цяпер знаходзіцца ў катэдральным касцёле святога Міхала і святой Гудулы ў Бруселі.