Ксёндз Уладас быў вялікім інтузіястам і генератарам ідэй. Першым у Беларусі стаў выдаваць каталіцкую газету на беларускай мове “Голас душы”. Рэалізаваць яго ідэю дапамагла пісьменніца Ірына Жарнасек. Ірына Францаўна ўспамінае: “Наша знаёмства адбылося 3 лістапада 1990 года ў Полацку. У той дзень у Полацку ладзілася шэсце і асвячэнне крыжа ў памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій на Полаччыне. Ксёндз Уладас прыехаў па запрашэнні арганізатараў гэтага мерапрыемства, каб разам з праваслаўнымі святарамі з Полацка асвяціць крыж у Бельчыцы. Тады, пасля асвячэння крыжа, я і асмелілася падысці да яго. Так мы пазнаёміліся.
Калі ксёндз Уладас пачуў, што я працую ў Наваполацкай гарадской газеце «Хімік», ён адразу сказаў, што вельмі хацеў бы выдаваць газету, але не мае чалавека, які б раздзяліў з ім гэтае жаданне. Я паабяцала падумаць… Так нарадзіліся наша супрацоўніцтва і сяброўства. Ксёндз Уладас меў добрую ідэю, але не быў спецыялістам у газетнай справе. Таму гэтая функцыя цалкам лягла на мае плечы.
Калі мы толькі пазнаёміліся, ксёндз Уладас адразу з вялікай прыхільнасцю ставіўся да беларускай мовы, ужываў яе ўжо ў набажэнствах. Але ў жыцці сам ёю карыстаўся мала, не ведаў яшчэ яе настолькі, каб вольна размаўляць. Таму ён размаўляў па-расейску. Я аднойчы сказала, што гэта няправільна: маўляў, выдаём газету па-беларуску, а галоўны яе арганізатар не валодае дасканала мовай. Ксёндз Уладас пабедаваў, згадзіўся, паўздыхаў. Тады я і сказала, што калі ён не пачне ўсур’ёз вучыць мову, каб вольна ёю карыстацца, то ў мяне можа прапасці жаданне рабіць газету. Гэта была, можна сказаць, жартаўлівая правакацыя з майго боку. І што ж на гэта ксёндз Уладас? Ён проста пачаў усур’ёз вучыць мову, прасіў знаёмых і сяброў, каб размаўлялі з ім па-беларуску. У выніку ён вывучыў мову вельмі хутка, можна сказаць, на вачах. Пазней ён са смехам часта згадваў гэтую маю правакацыю і… дзякаваў за яе, бо яна дапамагла яму хуткім тэмпам вывучыць беларускую мову.”