А 14-ай гадзіне распачалася ўрачыстая святая Імша, якую ўпрыгожылі сваімі спевамі вернікі з Наваполацка. У Літургіі бралі ўдзел святары, якія ў розны час працавалі ў Дзісне і займаліся аднаўленнем святыні: кс.Андрэй Кулік, дэкан Мёрскага дэканату, кс.Вячаслаў Адамовіч з Ідолта, кс.Аляксандр Грыцкевіч з Верхнядзвінска і кс.Іван Кароткін з Лужкоў.
У сваёй гаміліі, разважаючы над гісторыяй святыні, біскуп Алег Буткевіч заахвоціў задумацца над тым, для чаго чалавеку патрэбна вера? Разглядаючы розныя яе аспекты, Яго Эксцэленцыя падкрэсліў, што найважнейшая роля веры і касцёла заключаецца ва ўдзяленні святых сакрамантаў, якія магчымыя дзякуючы збаўчай місіі Хрыста. Вера і касцёл для нашых продкаў былі вельмі важнай справай. Адсюль будавалася наша традыцыя, у якой мы ўзрасталі. Сёння варта захоўваць памяць пра нашы карані, каб яна давала плён. Каб мы разумелі, што вера — гэта фундамент жыцця чалавека, без якога няма будучыні.