Як падрыхтавацца да прыняцця святой Камуніі?
Кожны католік, рыхтуючыся прыняць святую Камунію, не павінен забываць пра тое, што акрамя малітоўнай падрыхтоўкі да прыняцця Цела і Крыві Пана, існуе яшчэ адна вельмі важная практыка — пост. Паводле сучасных нормаў (Кодэкс Кананічнага Права, 1983 г.) вернік у звычайных умовах абавязаны ўстрымацца ад спажывання ежы і пітва (акрамя вады і лекаў) за адну гадзіну перад прыняццем святой Камуніі (канон 919, § 1).
Колькі разоў на дзень можна прымаць Цела Хрыста?
Касцёльнае Права дазваляе вернікам прымаць святую Камунію два разы ў суткі, якія лічацца ад апоўначы і маюць 24 гадзіны (канон 202), пры ўмове, што асоба будзе поўнасцю ўдзельнічаць у другой св. Імшы, падчас якой можа прыняць Камунію (Інтэрпрэтацыйная камісія, 1984). Але гэтая норма не распаўсюджваецца на тых, каму даводзіцца прымаць другі раз у той самы дзень святую Камунію ў якасці Віятыка (канон 917). Нягледзячы на тое, што ў звычайных умовах святую Камунію можна прымаць толькі два разы ў дзень, удзельнічаць у святой Імшы можна неабмежавана.
Які плён прыняцця Камуніі?
У Кодэксе каталіцкага Касцёла сказана (параўн. ККК 1391-1396), што прыняцце Цела Хрыста ўзмацняе нашу з Ім еднасць, захоўвае і развівае наша духоўнае жыццё, засцерагае нас ад пагрозы цяжкага граху і вызваляе ад паўсядзённых, стварае адзінае містычнае цела — Касцёл. Тыя, хто прымае Камунію, мацней злучаюцца з Хрыстом. Такім чынам эўхарыстычнае жыццё ўплывае на наша маральнае развіццё, умацоўвае ў добрым кірунку ўсе нашы пастановы і ўчынкі, дапамагае нам адкрыць вочы сэрца на бедных гэтага свету.
Ці можна прымаць святую Камунію ў інтэнцыі іншага чалавека?
Веруючая асоба павінна мець жаданне (намер) злучыцца з Богам у святой Камуніі з нейкай мэтай. Гэтая мэта (намер) можа датычыць асабіста самога прымаючага, нейкай іншай асобы (жывой ці памерлай) або нейкай справы. Інтэнцыя прымаючага святую Камунію звычайна канкрэтызуецца ў вельмі падрабязных малітоўных намерах. Напрыклад, гэта можа быць просьба да Бога аб вызваленні ад магчымых пасмяротных пакутаў нейкай блізкай асобы або маленне аб навяртанні кагосьці, каму патрэбна інтэнсіўная духоўная падтрымка. Ахвяраванне пладоў прынятай святой Камуніі ў інтэнцыі кагосьці ці чагосьці блізкае да таго, што мы называем заступніцкай малітвай.
Святую Камунію нельга прымаць замест кагосьці. Сакрамэнт сапраўдны толькі для таго, хто яго прымае. Калі вернік не прымае святую Камунію, ён не мае і яе пладоў. А той, хто яднаецца з Богам у Эўхарыстыі, напаўняецца ўсімі яе пладамі, і толькі дзякуючы гэтаму напаўненню можа падзяліцца атрыманым багаццем з іншай асобай. Вернік пасля святой Камуніі знаходзіцца ў якасна іншым духоўным кантакце з Богам, прабываючы ў асаблівай сувязі з Хрыстом (у стане асвячальнай ласкі). Тады і інтэнцыі, і малітвы такой асобы выглядаюць зусім інакш — больш дасканала.
Ахвяраванне пладоў удзелу ў святой Камуніі, нягледзячы на нашую вельмі канкрэтную просьбу ці патрэбу, павінна пакінуць Богу поўную свабоду. Кожная сапраўдная хрысціянская малітва заканчваецца прагненнем, каб было так, як гэтага жадае Бог, а не чалавек, бо наша воля і найлепшыя намеры (жаданні, інтэнцыі) могуць быць памылковымі і нават шкоднымі ў далейшай і недаступнай нашай логіцы перспектыве. Таму неабходна пакінуць Богу поўную свабоду дзеяння.
Паводле каталіцкіх сайтаў
22.04.2023