Падчас паўтарагадзіннай адарацыі быў час не толькі на супольную малітву, але і на медытацыю і кантэмпляцыю ў цішыні перад Найсвяцейшым Сакрамантам. Жадаючыя змаглі прыступіць да споведзі, каб з чыстым сэрцам прыняць удзел у Эўхарыстыі і атрымаць поўны адпуст для сябе або ахвяраваць яго за душы, якія церпяць у чыстцы.
Пасля адарацыі адбылася канферэнцыя «Пра чысцец і наступствы нявырашаных пры жыцці спраў», якую правёў пробашч парафіі ксёндз Станіслаў Мжыглуд SDS. Цытуючы Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, святар адзначыў, што тыя, хто памірае ў ласцы і сяброўстве з Богам, але яшчэ не ачышчаны цалкам, хоць ужо і ўпэўненыя ў сваім збаўленні, пасля смерці праходзяць ачышчэнне, каб дасягнуць святасці і ўвайсці ў нябеснае шчасце» (пар. ККК, 1030).
Некаторыя святыя, якія асабліва дапамагалі церпячым душам у чыстцы, неаднаразова казалі, што чысцец — гэта цудоўнае вынаходніцтва Бога, дзякуючы якому душы могуць вызваліцца ад усялякіх заганаў, схільнасцяў да граху і цалкам ачышчаныя прыйсці на сустрэчу з Панам Сусвету.
Прыводзячы разнастайныя сведчанні містыкаў і святых, якія мелі візіі і асаблівую сувязь з душамі, якія церпяць у чыстцы, святар заўважыў, што існуюць "тры залатыя ключы", якія адкрываюць неба — гэта любоў, пакора і адданасць Богу. Моцнай зброяй для нашага збаўлення, а таксама збаўлення душаў, якія церпяць у чыстцы з'ўляюцца разнастайныя выпрабаванні і пакуты, якія мы сустракаем на нашым жыццёвым шляху. Калі мы пераносім жыццёвыя выправбаванні з глыбокім даверам да Пана Бога, яны будуць мець вялікі духоўны плён для нас, а таксама паспрыяюць вызваленню душаў, якія церпяць у чыстцы і за якіх мы молімся.