Хрысціянства ведае шмат формаў пакаяння, якія загладжваюць грахі,— малітва, міласціна, пост і іншыя чыны міласэрнасці. Назва перыяду «Вялікі пост» пашырае наша разуменне посту як абмежавання ў спажыванні мясной ежы. Штодзённае жыццё прыносіць нам шмат мажлівасцяў да іншых «постаў» — устрымання, напрыклад, ад алкаголю, цыгарэтаў, ад празмернай страты часу каля тэлевізара і ў інтэрнэце, ад непатрэбных размоваў і г.д. Да пакаяння належаць таксама паглыбленне рэлігійнага жыцця праз чытанне Святога Пісання і іншых рэлігійных кніг ці часопісаў; паглыбленне прафесійных ведаў, а таксама паглыбленне сямейнай повязі праз узаемадапамогу, памяркоўнасць, цярплівасць, добразычлівасць, добрае слова і г.д.
У перыяд Вялікага посту вернікі павінны часцей удзельнічаць у святой Імшы, слухаць слова Божае, каб пачуць заклік да навяртання і ажыўлення штодзённай любові, каб у сакраманце пакаяння паяднацца з Богам і з бліжнімі. Трэба скіраваць усю сваю істоту да Бога. Кожны павінен спраўджваць сваю дарогу, пытаючыся ў самога сябе, ці сапраўды ён паступае згодна з воляю Божаю? Ці, можа, павінен змяніць кірунак, вярнуцца на тую дарогу, якую Пан вызначыў для яго жыцця? Знамянальныя словы Беззаганнай Маці Божай, якія Яна прамовіла падчас аб’яўленняў у Люрдзе: «Пакаяння, пакаяння, пакаяння», Яна прывяла сябе ў прыклад св. Бэрнадэце: «Ведаеш, Я, хоць Беззаганна Зачатая, чыніла пакаянне...»