Парафіяльны фэст у Новым Пагосце
4 чэрвеня ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы ў Новым Пагосце адбыўся парафіяльны адпуст. Канцэлебраваную святую Імшу ўзначаліў пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Шаркаўшчыне кс. Віктар Сініцкі SCJ, гамілію прамовіў кс. Генадзь Лаўніковіч SCJ.
Парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Новым Пагосце мае вельмі багатую гісторыю. Упершыню святыня тут узгадваецца ў фундацыйным дакуменце ад 16 ліпеня 1593 г., у якім сказана, што "касцёл ужо збудаваны". Фундатарам першага драўлянага касцёла, які першапачаткова належыў да парафіі ў Іказні, стаў канцлер ВКЛ Леў Сапега.

Касцёл, які існуе зараз, быў пабудаваны перад 1766 г. намаганнямі ксяндза Песляка, пробашча з Іказні, а таксама дзякуючы матэрыяльнай дапамозе калятара Станіслава Бужыньскага, смаленскага кашталяна, уладальніка іказненскіх і пагосцкіх земляў. 14 ліпеня 1766 г. біскуп Віленскі Ігнат Якуб Масальскі ўстанавіў у Пагосце самастойную парафію.

У 1845 г. згадваецца, што касцёл пачаў разбурацца і патрабаваў значнага рамонту. Ужо праз шэсць гадоў святыня была ўмацаваная і пакрытая гонтам, а затым грунтоўна адрэстаўраваная і павялічаная. Гэтая святыня захавалася да нашых дзён. Пасля арышту савецкімі ўладамі кс. пробашча Юзафа Інгялевіча ў 1949 г. касцёл зачынілі. Спачатку ў ім быў склад збожжа, пасля – спартыўная зала. І толькі ў 1990 г. святыню аддалі вернікам. 15 мая 1990 г. біскуп Эдвард Кісель з Беластока, які нарадзіўся ў в.Юндзялова пагосцкай парафіі, у прысутнасці кс. біскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Адміністратара Касцёла на Беларусі, і біскупа Эдварда Азароўскага з Беластока ўрачыста асвяціў касцёл.
Сёння парафія ў Новым Пагосце, як і большасць вясковых парафій, паступова змяншаецца, тым не менш на ўрачыстастую святую Імшу а 14-ай гадзіне сабралася значная колькасць парафіянаў. Разумеючы важнасць адпусту, многія вернікі скарысталіся сакрамантам споведзі.

Падчас гаміліі ксёндз Генадзь Лаўніковіч SCJ адзначыў, што таямніца Найсвяцейшай Тройцы — гэта адна з праўдаў веры, якую нам цяжка зразумець. "Найвяцейшую Тройцу яднае Божая любоў. Бог так палюбіў свет, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, але не для таго каб мы сумавалі і былі прыгнечанымі. Бог — гэта любячы Айцец, які хоча запрасіць нас у таямніцу Святой Тройцы. Ён хоча, каб мы гарнуліся да Яго і жылі ў любові адзін да аднаго."  Святар падкрэсліў, што мы павінны памятаць пра Божую прысутнасць у нашым жыцці праз Духа Святога, які дапамагае нам прыняць таямніцу Найсвяцейшай Тройцы.

Пасля Эўхарыстыі адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту і набажэнства да Найсвяцейшай Тройцы.
Ушанаванне Святой Тройцы прадоўжылася Эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла. Завяршылася ўрачыстасць гімнам "Цябе, Бога, праслаўляем" і бласлаўленнем Найсвяцейшым Сакрамантам.
Напрыканцы свята пробашч парафіі ксёндз Аляксей Асон выказаў усім прысутным словы ўдзячнасці за ўдзел у Эўхарыстыі і падрыхтоўку ўрачыстасці. Святар адзначыў: "Мы павінны дзякаваць Богу, што маем святыню і магчымасць прымаць удзел у Эўхарыстыі. Мы таксама павінны ўзгадваць у малітве тых, хто захаваў для нас касцёл і перадаў веру."

Жанна Закрэўская

04.06.2023
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by