Гэта адна з тых таямніцаў, перад якой хочацца хутчэй стаць на калені, чым казаць пра яе. Адараваць, а не тлумачыць. “Калі, аднак, кажам, – гаворыць св. Аўгустын, – то не для таго, каб аб Найсвяцейшай Тройцы штосьці сказаць, але каб аб Ёй не маўчаць. Бо хрысціянін не можа аб Найсвяцейшай Тройцы маўчаць. Павінен ён спачатку праслаўляць Бога за адкрыццё гэтай праўды, таму што Святая Тройца не была выдумана намі, хрысціянамі, але была нам адкрыта”. Сапраўды, наш розум абмежаваны і мы не змаглі б самі дайсці да адкрыцця гэтай праўды. Толькі дзякуючы таму, што Бог сам захацеў нам яе адкрыць, мы сёння можам гаварыць аб Богу як аб адзінай і непадзельнай Найсвяцейшай Тройцы. Адкрыў нам гэта Езус Хрыстус, і мы можам знайсці шмат месцаў у Святым Пісанні, дзе Ён выказваецца аб Богу Айцу і аб Святым Духу як аб Асобах і адначасова кажа аб надзвычайнай сувязі паміж Ім, Айцом і Духам Святым. Асаблівым чынам Святая Тройца аб’яўляецца ў моманце Хросту Езуса, дзе сам Бог Айцец сведчыць аб Ім, а Дух Святы з’яўляецца над Езусам у постаці голуба (пар. Лк 3, 22-23). Перад сваім Унебаўшэсцем Езус звярнуўся да Апосталаў з просьбай і наказам: “Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога” (Мц 28, 19). А Спасланне Святога Духа абвяшчае словамі: “Калі прыйдзе Суцяшыцель, якога Я пашлю вам ад Айца, Дух праўды, які ад Айца паходзіць, Ён будзе сведчыць пра Мяне”(Ян 15, 26).
Калі звернемся да апостальскіх пасланняў, то можам заўважыць, што Апосталы ўжо прынялі гэту таямніцу і звярталіся да Бога ў Тройцы Святой Адзінага. “Ласка Пана Езуса Хрыста і любоў Бога, і еднасць Духа Святога з усімі вамі” (2 Кар 13, 13). “Той, хто ўмацоўвае нас з вамі ў Хрысце і намасціў нас, ёсць Бог, які пазначыў нас і даў сэрцам нашым задатак Духа” (2 Кар 1, 21-22).
У Айцоў Касцёла мы таксама бачым выразнае вызнанне веры ў праўду аб Найсвяцейшай Тройцы. Св. Клімэнт Рымскі пісаў да карынцянаў: “Ці не аднаго Бога (Айца) мы маем і аднаго Хрыста і аднаго Духа ласкі, пралітага на нас?” А цэлыя трактаты тэме таямніцы Бога Адзінага ў Трох Асобах прысвяцілі св. Атаназій, св. Грыгорый Назіянзскі, св. Кірыл Александрыйскі і св. Аўгустын. Таксама вызнанне веры ў Найсвяцейшую Тройцу нам перадаў Першы Нікейскі Сабор у 325 годзе, а потым Першы Канстанцінопальскі (381 г.), Эфескі (431 г.) і Халкідонскі (451 г.) Саборы.
А цяпер хачу задаць пытанне: “Чаму вучаць нас паасобныя праўды веры, а ў прыватнасці праўда аб Найсвяцейшай Тройцы?”. Бо невыпадкова Касцёл урачыста абвяшчае гэтыя праўды ў форме дагматаў і заклікае да веры. Акрамя перадавання тэалагічнага зместу, Касцёл хоча, каб вера ў гэту праўду прыводзіла да канкрэтных наступстваў у жыцці хрысціяніна. Сёння наша грамадства пакутуе ад эгаізму і недахопу любові і таму яму патрэбны прыклад дасканалай супольнасці. Менавіта такой супольнасцю з’яўляецца Найсвяцейшая Тройца, недасягальны ўзор для кожнага грамадства, кожнай сям’і і для ўсяго Касцёла. Святы Ян Павел ІІ падчас малітвы “Анёл Панскі” ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы разважаў так: “У Тройцы можна ўбачыць першаўзор сям’і, якая складаецца з мужчыны і жанчыны, якія былі пакліканы, каб быць для сябе ўзаемным дарам у супольнасці любові, адкрытай на жыццё. У Найсвяцейшай Тройцы знаходзім таксама ўзор сям’і Касцёла, у якой усе хрысціяне павінны будаваць сапраўдныя сувязі супольнасці і салідарнасці. Гэта любоў з’яўляецца канкрэтным знакам веры ў Бога Айца, Сына і Духа Святога”. Парафразуючы святога Папу, можна сказаць, што, калі ў супольнасці няма любові, гэта сведчыць аб слабай веры і сувязі з Асобамі Найсвяцейшай Тройцы.