WYSIWYG Web Builder
Чэрпаць са скарбніцы Слова
21 студзеня ў Каталіцкім Касцёле адзначацца Нядзеля Божага Слова, якую Папа Францішак устанавіў 30 верасня 2019 года, каб Божы народ узрастаў «у пабожным i старанным пазнанні Святога Пісання» (пар. AI 15).
Святы Геранім казаў: "Хто не ведае Святога Пісання, той не ведае Хрыста". А ведаць Хрыста — значыць жыць згодна з Яго вучэннем. Таму неабходна пастаянна чытаць Божае слова і верыць у яго. Яно з'яўляецца крыніцай нашай веры, неабходнай для збаўлення (пар. Мк. 16,16). (з Прадмовы да беларускага выдання Новага Запавету, 2017г.)

Біблія, напісаная амаль 2 тысячагоддзі таму, застаецца самым папулярным выданнем усіх часоў. Дастаткова ўявіць, што яе друк не спыняецца ні на секунду! У сярэднім за год людзі набываюць 100 млн экзэмпляраў Бібліі.

Першая кніга Бібліі на беларускай мове была выдадзена Францыскам Скарынам больш за 500 гадоў таму. Гэта адбылося раней, чым свет убачыў пераклады Бібліі на англійскай і французскай мове. Сёння кнігі Святога Пісання даступны носьбітам больш за 3 000 моў.

У цяперашні час існуе некалькі перакладаў Бібліі на беларускую мову. У 2017 годзе Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамантаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі быў завершаны афіцыйны пераклад кніг Новага Запавету. Выдавецтве "Про Хрысто" ажыццявіла іх друк. Кнігі Новага Запавету можна таксама спампаваць у фарматах PDF (універсальны фармат для прагляду і друку), EPUB і MOBI (фарматы для электронных кніг, смартфонаў, планшэтаў) на сайце Сatholic.by.

У 2017 годзе Біблейскім таварыствам ў Рэспубліцы Беларусь быў выдадзены поўны пераклад Бібліі на беларускую мову, ён не з'яўляецца афіцыйным, аднак прыдатны для прыватнага чытання. Для самых маладых чытачоў выдадзена "Дзіцячая Біблія", у якой шмат ілюстрацый, а працяглыя апавяданні скарочаны і спрошчаны. Дарэчы, гэта выданне можа быць карысным і для дарослых, перш чым прыступіць да вывучэння кніг Старога і Новага Запавету.

Нягледзячы на тое, што Біблія з'яўляецца самай папулярнай кнігай, нямногія могуць пахваліцца, што чытаюць яе рэгулярна. Біблія — няпростая кніга. Чытанне Бібліі можа адбіць ахвоту, таму што даецца яно цяжка. Святое Пісанне нельга чытаць як раман, з прымяненнем метадаў хуткаснага чытання, бо кожнае слова, кожнае выказванне нясе свой сэнс.
Айцец Яўген Голуб у праграме «Катэхеза» для "Радыё Марыя" адзначыў: «Каб адчуць увесь смак Божага слова, не трэба "грызці" Святое Пісанне». Чытанне, разважанне, малітва і сузіранне — вось чатыры крокі малітвы Святым Пісаннем. Перад чытаннем Святога Пісання трэба памаліцца да Духа Святога, каб Ён адкрыў нас на Слова, а таксама, каб Ён адкрыў Слова перад намі.

Як падрыхтавацца да чытання? Найперш патрэбна крыху пазмагацца з самім сабою, адкідваючы ляноту. Трэба даць сабе часу столькі, колькі патрэбна — не шукаць «форткі» ў сваім графіку. Трэба стварыць унутры сябе прастору для сустрэчы з Хрыстом. Трэба выбраць, што ты будзеш чытаць. Важна абраць фрагмент, які ты будзеш чытаць крок за крокам. Але як менавіта чытаць? Трэба трываць у слове Божым. Нават калі трываць будзе цяжка.

Заахвочваючы да штодзённага чытання Бібліі, нагадваем, што за пабожнае чытанне Святога Пісання на працягу 30 хвілін, з належным ушанаваннем слова Божага, можна атрымаць частковы адпуст.

Жанна Закрэўская, паводле каталіцкіх сайтаў
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by