Святы Рафал, чыё імя азначае “Бог ацаляе”, “Божае ацаленне” або “Божыя лекі”, – гэта арханёл, які з’яўляецца князем анёлаў, заўсёды гатовым дзейнічаць. Ён паказвае нам Госпада, які аздараўляе ад фізічнага і духоўнага зла. Дзякуючы яму даведваемся, што сапраўднае аздараўленне паходзіць ад Усемагутнага. Нам таксама патрэбны ў жыцці правадыры, асабліва духоўныя, каб не паддацца хваробе душы, якой часта з’яўляецца слепата, самаўпэўненасць, эгаізм, адмова ад Бога і Яго дапамогі.
Рафал сваёй апекай, суправаджэннем, палёгкай у цярпеннях як пасланнік Госпада паказвае, наколькі гэтага патрабуем ад Яго. Ён таксама вучыць нас быць людзьмі, здольнымі ўспрымаць пакуты іншага і, наколькі зможам, станавіцца для гэтых людзей спадарожнікамі і прыносіць ім суцяшэнне ды палёгку ў пакутах, якія яны перажываюць. Арханёл Рафал лічыцца заступнікам пілігрымаў, хворых і хірургаў, яго часам заклікаюць на дапамогу падчас эпідэмій.